Памятка турысту
Асноўная інфармацыя:
Карысныя кантактныя тэлефоны:
• Турысцка-інфармацыйны цэнтр: +375 2153 67035.
• Аддзел турызму Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» (заказ турыстычных стаянак, пытанні рыбалкі): + 375 2153 67707.
• Даведачнае бюро вакзала: + 375 2153 62272.
Сувеніры на памяць можна набыць у магазіне «Востраў падарункаў» (ГЦ «Віталіч», вул. Садовая, 6) або ў сувенірнай лаўцы «Ля возера» музея традыцыйнай культуры (вул. Гагарына, 7А).
Дзе купіць рыбу? Свежазамарожаную рыбу можна набыць у магазіне Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» (вул. Дачная), свежую – на базе адпачынку «Дрывяты» (вул. Рыбгасная, 15А), вэнджаную – у гандлёвым цэнтры «Віталіч» (вул. Садовая, 6).
Рыбалка на Браслаўскіх азёрах. Практычна ўсе азёры, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, адносяцца да Нацыянальнага парку, таму рыбалка платная. Пуцёўкі можна набыць у інфацэнтры на ўездзе ў Браслаў з боку Віцебска і Глыбокага або ў адміністрацыйным будынку Нацыянальнага парку па адрасе: вул. Дачная, 2А.
Што абавязкова варта пакаштаваць у Браславе?
• хлеб і булачкі ад мясцовага пекара Уладзіміра (рэалізацыя прадукцыі каля ГЦ «Віталіч»)
• агародніну ад фермера Караля Уладзіслава (рэалізацыя прадукцыі каля ГЦ «Віталіч»)
• сыры ад хутара «Крапачы» (в. Петкуны, Слабодкаўскі с/с)
• настойку і тушонку з дзічыны ад Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры» (магазін «Хатнія прысмакі», вул. Рыбгасная, 15А)
Чым заняцца з дзецьмі?
• экскурсіі па Браславе і раёне
• велапрагулкі (веласіпед і велакрэсла можна ўзяць напракат у ФСК «Дрывяціч»)
• прагулкі на яхце або катанне на цеплаходзе
• наведванне вяровачных гарадкоў (гарадскі парк, вул. Рыбгасная, 15)
• наведванне сафары-парку (в. Крукі)
• экскурсія ў музей ката Брасіка (в. Данькі), музей закладак (в. Зарачча)
• майстар-класы музея традыцыйных рамёстваў (выраб глінянай цацкі, ткацтва паясоў і закладак з нітак і інш.)
• прагулка па экасцежцы ў Браславе (вул. Рыбгасная, 15А)
• дэгустацыя пышак і ягаднай гарбаты ў «Пышачнай 8» (вул. Чырвонаармейская, 1)
Дзе пакупацца?
Практычна ва ўсіх азёрах раёна можна купацца, таму летам заўсёды бярыце з сабой купальныя касцюмы і ручнік. У рысе горада размешчаны 3 пляжы:
• Гарадскі (воз. Дрывяты). Пясчаны пляж, раздзявальні, ёсць пункт пракату, кафэ, спартыўныя пляцоўкі, дзіцячая пляцоўка, паркоўка, фудтрак.
• Пляж воз. Бярэжа. Раздзявальні, дзіцячая пляцоўка.
• Пляж у раёне турбазы (воз. Дрывяты). Раздзявальні.
У 5 км ад горада можна паплаваць у возеры Струста (в. Гусараўшчына).
Важная інфармацыя!
• Браслаўскі раён адносіцца да тэрыторыі Нацыянальнага парку, таму ставіць палаткі і распальваць вогнішчы можна толькі ў абсталяваных месцах (на турыстычных стаянках).
• Браслаўскі раён мяжуе з Літвой і Латвіяй, таму пры наведванні некаторых населеных пунктаў неабходна афармляць пропуск у пагранкамітэце або пагранкамендатуры «Опса».