Азёры 

 

Азёры Браслава

Браслаўскія азёры – адзін з самых прыгожых рэгіёнаў Беларусі, які налічвае каля 300 азёраў і больш за 20 рэк з прытокамі. Практычна ўсюды можна купацца і лавіць рыбу (на многія азёры патрэбна пуцёўка на рыбалку). Уздоўж азёраў размешчаны аграсядзібы, базы адпачынку і турыстычныя стаянкі. Нямнога пра самыя папулярныя азёры.

Возера Дрывяты ўлюбляе ў Браслаў з першага разу. Менавіта яно надае гораду атмасферу курорта і азёрнага краю. Гэта самае вялікае возера сярод Браслаўскіх азёраў і пятае па велічыні ў Беларусі. Дрывяты можна аб’ехаць вакол на веласіпедзе (маршрут каля 36 км). На беразе возера ў рысе горада знаходзіцца пляж, парусная школа, кафэ, недалёка – паркоўка, скейт-парк і вяровачны гарадок.

Возера Струста знаходзіцца ў 4 км ад Браслава. Асаблівасць яго ў тым, што на ім размяшчаецца 7 астравоў, найбуйнейшыя з іх: Чайчын, Шова, Яленя. Востраў Чайчын – другі па велічыні ў Беларусі, тут знаходзіцца адзінае ў краіне ўнутранае азярцо. У возеры Струста жывуць 22 віды рыб.

Азёры Паўночны і Паўднёвы Воласа ўнікальныя не толькі для Беларусі, але і для Еўропы. Максімальная глыбіня Паўднёвага Воласа 40,4 м, Паўночнага Воласа – 29,2 м. Адны з самых чыстых азёраў Беларусі (празрыстасць вады 7–11 метраў). Паўднёвы Воласа – адзінае ў краіне возера, у якім захаваліся ледніковыя рэліктавыя віды рачкоў. Дазволена аматарскае рыбалоўства (платнае).

Возера Неспіш з 15-ю астравамі лічыцца адным з самых прыгожых. Знаходзіцца ў в. Рубеж, максімальная глыбіня дасягае 6,3 м.

У дзясятку азёраў Беларусі ўваходзіць возера Снуды: 9-е месца па плошчы, 5 е месца па аб’ёме і 4-е месца па чысціні вады. Максімальная глыбіня дасягае 16,5 м. У залежнасці ад узроўню вады, на возеры налічваецца больш за 20 астравоў (найбольш буйныя Турмас, Ліпавец, Краснагорка). На астравах гняздзіцца больш за 50 відаў птушак.

Возера Дрысвяты размешчана на мяжы Беларусі і Літвы, але нашай краіне належыць толькі 22 %. Максімальная глыбіня складае 33,3 м, а празрыстасць дасягае 4 м. Доўгі час вада з гэтага вадаёма выкарыстоўвалася Ігналінскай АЭС для ахалоджвання. У возеры водзяцца лешч, шчупак, плотка, судак, язь, лінь і інш. Паколькі гэта памежная зона, магчымасць наведвання абмежаваная, але можна атрымаць спецыяльны дазвол у пагранічных службаў.

У Браслаўскім раёне, па напрамку да в. Слабодка, ёсць возера з незвычайнай назвай Божае Вока, адно з самых маленькіх Браслаўскіх азёраў. Па форме яно круглае і нагадвае вока, у дыяметры не больш за 100 м. Вада чыстая і адлюстроўвае лес і неба. Наведванне возера ўваходзіць у шэраг экскурсій.

Возера Рычы адносіцца да глыбакаводных вадаёмаў Беларусі і займае 2-е месца па глыбіні і 4-е па аб’ёме вады. Максімальная глыбіня дасягае 51,9 м. Вада адрозніваецца высокай чысцінёй і празрыстасцю. На яго тэрыторыі створана Дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Браслаў–Рычы» (адпачынак на турыстычных стаянках, снорклінг, высочванне слядоў дзікіх жывёл і інш.). Тэрыторыя возера і заказніка ўваходзіць у пагранічную паласу, для наведвання экалагічных маршрутаў трэба афармляць пропуск у пагранкамітэце або пагранкамендатуры «Опса».