Мясціны Браслава
Браслаў
Браслаў – невялікі ўтульны горад, акружаны азёрамі. Браслаў у датах
• 3 тыс. гадоў да н.э. – найбольш старажытныя сляды чалавека на Браслаўшчыне выяўлены на неалітычнай стаянцы Дубкі каля Браслава
• IX ст. – Браслаўшчына ўвайшла ў склад Полацкага княства. Былі заснаваны ўмацаваныя пункты: Браслаў, Дрысвяты, Маскавічы, Рацюнкі
• 1065 г. – першае ўпамінанне Браслава
• 1244 г. – бітва пад Браславам паміж Міндоўгам і Таўцівілам
• 1386 г. – упершыню згадваецца Друя
• 1500 г. – упершыню згадваецца Опса
• 1554 г. – складзены інвентар горада Браслава
• 1649 г. – складзена апісанне Браслаўскага замка
• 2 чэрвеня 1792 г. – адноўлена магдэбургскае права горада Браслава, герб Браслава
• верасень 1915 г. – першыя баі паміж расійскімі і нямецкімі войскамі на тэрыторыі Браслаўшчыны
• чэрвень 1941 г. – тэрыторыя Браслаўшчыны акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі
• 3 ліпеня 1944 г. – пачатак вызвалення Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
• 1967 г. – першы фестываль народнай творчасці «Браслаўскія зарніцы»
• 10 кастрычніка 1995 г. – стварэнне Нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры»
• 22 жніўня 2009 г. – каранацыя абраза Маці Божай Браслаўскай
• 2010 г. – першы фестываль «Меч Брачыслава»
• 29 жніўня 2013 г. – адкрыццё новага будынка аўтастанцыі ў Браславе
• 2019 г. – завершана будаўніцтва зоны адпачынку на пляжы
Замкавая гара – сэрца Браслава, гістарычны цэнтр. Менавіта адсюль і пачаў развівацца і расці горад. Тут быў замак і царква, якія, на жаль, не захаваліся. Сёння гэта гістарычная спадчына, другое па плошчы гарадзішча ў Беларусі, адкуль адкрываюцца неверагодныя віды на горад і возера Дрывяты. Усе экскурсіі пачынаюцца з Замкавай гары: тут жывуць героі легенды пра Браслаў, знаходзіцца помнік вядомаму браслаўскаму ўрачу Станіславу Нарбуту. Будзеце ў Браславе, абавязкова сустрэньце світанне або паглядзіце на захад сонца з Замкавай гары.
Побач з Замкавай гарой размешчаны адно насупраць аднаго касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Свята-Успенская царква.
Касцёл пабудаваны ў 1824 годзе, з часам яго пашырылі. Цяперашні храм узведзены ў 1897 годзе, частка сцен першапачатковага храма захавалася. Чым цікавы касцёл? Унікальнасць муроўкі сцен: пры будаўніцтве сцен паміж вялікімі камянямі былі ўмураваныя маленькія каменьчыкі, якія ствараюць унікальныя малюнкі. Такая тэхніка муроўкі называецца «разынкавая». У касцёле захоўваецца абраз Божай Маці Валадаркі азёраў. У 2009 годзе абраз быў каранаваны (першы каранаваны абраз у Віцебскай вобласці і сёмы — у Беларусі).
Штогод у апошнія выхадныя жніўня праходзіць свята ў гонар каранацыі абраза, якое збірае паломнікаў з розных гарадоў Беларусі і іншых краін.
У цэнтры Браслава захавалася гістарычная забудова горада 1924–1926 гг. – комплекс, які складаецца з 18 будынкаў у «закапанскім» стылі. Пабудаваны па праекце вядомага польскага архітэктара Юльюша Клоса. Асноўную частку аб’ектаў можна ўбачыць і сёння, аднак многія з іх не захаваліся ў першапачатковым выглядзе.
Як і ў многіх гарадах, у Браславе можна загадаць жаданне, і яно абавязкова здзейсніцца. Для гэтага трэба знайсці «Рыбку» (побач з гарадскім пляжам), дакрануцца да яе, загадаць жаданне і прайсці па Дарозе здзяйснення жаданняў.
Штогод летам тут праходзяць фестывалі: музычна-спартыўны фестываль «Viva Braslav» (канец ліпеня – пачатак жніўня), фестываль сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава» (канец мая – пачатак чэрвеня), Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» (канец мая – пачатак чэрвеня), свята ў гонар каранацыі абраза Божай Маці Валадаркі азёраў (апошнія выхадныя жніўня).
Гара Маяк (каля в. Кезікі)
Самае папулярнае месца ў турыстаў. Адсюль адкрываюцца маляўнічыя віды на азёры. Наваколлі гары Маяк (Кезікаўскія горы) – комплекс камавых узгоркаў, кожны з якіх мае сваю назву.
Гара Маяк – самы высокі ўзгорак, вышыня адносна азёраў – 44,7 м, над узроўнем мора –174 м. Чаму Маяк, калі маяка там няма? У пачатку XX стагоддзя тут размяшчаўся геадэзічны маяк, які мясцовыя жыхары называлі проста маяком. Пазней гэта назва замацавалася і за ўзгоркам, які раней называўся Бізня. Сёння на гары Маяк знаходзіцца назіральная вышка, побач – комплекс турыстычных стаянак, на якіх можна камфортна адпачыць з палаткай.
Тут, дарэчы, на світанні, калі пашанцуе, можна зрабіць сэлфі з ласём.
Едзем у бок Друі
У раёне 10 км ад Браслава знаходзіцца адно з самых маленькіх, загадкавых і таямнічых азёраў Браслаўшчыны – возера Божае Вока (да 2000-х гадоў мясцовыя называлі яго Чортава Вока).
Возера знайсці нескладана – галоўнае, не прапусціць паказальнік «Літоўшчына», спыняецеся, падымаецеся на ўзгорак – і перад вамі практычна ідэальна круглае маленькае Божае Вока. Чаму таямнічае? Ёсць мноства легендаў пра яго паходжанне і назву.
Наступны прыпынак – гарадзішча Маскавічы. Гэта помнік археалогіі эпохі вікінгаў.
Вёска Маскавічы – тут няма помнікаў архітэктуры або археалогіі. У канцы вёскі размешчаны паўвостраў, з трох бакоў акружаны азёрамі. Адсюль адкрываюцца маляўнічыя віды на возера, можна ўжо ўбачыць сілуэт касцёла ў Слабодцы і озавую граду. У жніўні гэта ідэальнае месца для назірання за зарападам.
Слабодкаўская озавая града – выдатнае месца для аматараў экалагічнага турызму і прыроды. Пешаходны маршрут (можна і на веласіпедзе) працягласцю каля 5 км.
Слабодка. Месца, у першую чаргу, вядомае сваім касцёлам. Касцёл Божага Провіду – адзін з самых прыгожых храмаў Беларусі. Беласнежны касцёл з рознакаляровымі вітражамі. Дзверы касцёла – помнік манументальна-дэкаратыўнага мастацтва і кавальскага майстэрства. Унутры – поўнасцю распісаны біблейскімі сюжэтамі і арнаментамі.
Друя. Тут ёсць што паглядзець: Барысаў камень, адны з самых вялікіх яўрэйскіх могілак Беларусі, былая рэзідэнцыя Сапегаў, старажытны парк, Траецкі касцёл, старадаўнія друйскія храмы, адзіная чыгуначная станцыя ў Браслаўскім раёне. Можна паглядзець на Еўрасаюз праз раку Заходняя Дзвіна, па якой праходзіць мяжа з Латвіяй. Штогод летам у Друі праводзіцца пленэр мастакоў.
Едзем у бок Відзаў
У 20 км ад горада размешчана в. Опса. Што тут паглядзець? Сядзіба Плятэраў – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры. Сядзіба цікавая сваёй багатай гісторыяй і асобамі ўладальнікаў. На жаль, на дадзены момант знаходзіцца ў паўразбураным стане.
Па дарозе на Відзы можна заехаць у Дрысвяты (памежная тэрыторыя, неабходна ўзгадненне з пагранічнай службай). Вёска знаходзіцца на беразе возера Дрысвяты побач са скрыжаваннем меж трох дзяржаў – Латвіі, Літвы і Беларусі. Тут знаходзіцца ўнікальны храм – касцёл Святых Пятра і Паўла. Чым цікавы? Сваёй архітэктурай. Гэта адзіны храм такога тыпу: помнік драўлянага дойлідства з элементамі стылю мадэрн.
Побач з храмам адкрываецца прыгожы від на востраў, на якім стаяў замак, можна ўбачыць і Ігналінскую АЭС (Літва). Аматарам прамысловага турызму можна заехаць і паглядзець ГЭС «Дружба народаў» (будынак на кансервацыі).
Відзы
Пад’язджаючы да Відзаў, можна ўбачыць галоўную славутасць мястэчка – касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, другі па вышыні касцёл Беларусі – 59 метраў. Цікавы храм не толькі сваімі вялікімі памерамі, але і багатай гісторыяй. Акрамя касцёла можна паглядзець праваслаўную і стараверскую цэрквы, былы вадзяны млын, наведаць магілу Тамаша Ваўжэцкага. На ўскраіне пасёлка Відзы захаваліся доты.
У 3 км ад Відзаў у Відзах Лаўчынскіх знаходзіцца старажытная сядзіба Ваўжэцкіх (канец XVIII – пачатак XIX стст.). У той час тут была адкрыта першая на тэрыторыі Беларусі здраўніца з серавадароднымі крыніцамі. Сядзіба да нашых дзён захавалася (знаходзіцца ў паўразбураным стане). Гісторыя сядзібы цесна пераплецена з вядомымі асобамі і важнымі гістарычнымі падзеямі.